Чаму беларуса затрымалі на мяжы праз таблетку? — Хартыя'97 :: Навіны з Беларусі — Беларускія навіны — Рэспубліка Беларусь — Мінск

Чаму беларуса затрымалі на мяжы праз таблетку?


ФОТА: TUT.BY

Каментар мытнi.

Учора «Онлайнер» апавядаў пра тое, як менчука Аляксея затрымалі на мяжы праз адну таблетку Xanax 0,25, якая, паводле ягоных словаў, згубілася сярод паходнай аптэчкі. Мужчына паведаміў, што праз гэта яго знялі з цягніка, ён быў вымушаны правесці некалькі гадзінаў на мытні і прайсці поўны асабісты дагляд. Гарадзенская рэгіянальная мытня пракаментавала сітуацыю.

– Падставай для правядзення ў дачыненні да грамадзяніна наступных дадатковых аперацый мытнага кантролю паслужыў той факт, што ў яго адсутнічалі неабходныя дазвольныя дакументы на гэты лекавы прэпарат, – апавялі ў Гарадзенскай рэгіянальнай мытні. – Ні адна з працэдураў, якія прадугледжаныя заканадаўствам у такіх выпадках, не была парушаная.

Мужчыну адпусцілі і далі штраф за парушэнне мытнага заканадаўства, бо ў яго не было намеру незаконна перамяшчаць праз мяжу наркатычныя і псіхатропныя рэчывы.

У таблетцы Xanax 0,25, якую вёз Андрэй, утрымліваецца алпразалам. Гэтае рэчыва ўваходзіць у спіс наркатычных і псіхатропных прэпаратаў. Пры правозе лекаў, якія ўтрымліваюць падобныя прэпараты, дзейнічаюць пэўныя правілы.

– Калі прэпарат утрымлівае наркотык або псіхатроп, дзейнічаем наступным чынам: ідзем па «чырвоным» калідоры, абавязкова запаўняем пасажырскую мытную дэкларацыю, паказваем мытнаму органу дакумент, які пацвярджае абгрунтаванасць прыёму, – тлумачаць мытнікі. – Для Рэспублікі Беларусь такім дакументам могуць быць завераныя пячаткай і подпісам лекара выпіска з медыцынскай дакументацыі пацыента або рэцэпт лекара (копія рэцэпту), у якіх павінна быць паказанае найменне леку, яго дазаванне і колькасць, неабходная на суткі.

Дазваляецца ўвозіць на тэрыторыю Беларусі лекавыя прэпараты, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі ў колькасці, што не перавышае тыднёвую патрэбу, якія ўтрымліваюць псіхатропныя рэчывы ў колькасці не больш за 90 разавых дозаў.

Супрацоўнікі мытні просяць перад выездам з Беларусі ці ўездам у Беларусь пераканацца ў тым, што лекі, якія вы везяце, не ўтрымліваюць наркатычныя сродкі або псіхатропныя рэчывы. Інфармацыя знаходзіцца ў пастанове Міністэрства аховы здароўя, а таксама ў спасылцы і ў гэтым дакуменце. Інфармацыя пра тое, што забаронена перавозіць або дазволена перавозіць з абмежаваннямі, ёсць і на сайце ДМК.

– Нагадваем яшчэ раз пра тры дакументы, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе ў інтэрнэт-крыніцах: пастановы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 11.02.2015 №19 і ад 31.07.2009 №89, а таксама пастанова Калегіі ЕЭК ад 21.04.2015 №30. Рэкамендуем перад паездкай за мяжу ў абавязковым парадку азнаёміцца з гэтымі пералікамі ў выпадку перамяшчэння медпрэпаратаў, – гавораць у мытні. – Таксама ў пунктах мытнага афармлення Гарадзенскай рэгіянальнай мытні, акрамя інфармацыйных стэндаў перад уездам на «чырвоны» і «зялёны» калідоры, пералік такіх тавараў размешчаны і на інфармацыйным стэндзе з ілюстрацыямі.