Чаму чыноўнікі баяцца прадпрымальнікаў? — Хартыя'97 :: Навіны з Беларусі — Беларускія навіны — Рэспубліка Беларусь — Мінск

Чаму чыноўнікі баяцца прадпрымальнікаў?


ФОТА: EURORADIO.FM

Сёння 115 з 118 рэгіёнаў Беларусі – датацыйныя.

У апошнія гады беларускія ўлады шмат кажуць пра неабходнасць развіцця бізнэсу. Прымаюцца адпаведныя дырэктывы, дэкрэты і стратэгіі. Аднак за межамі менскай кальцавой гэтыя ініцыятывы, як правіла, патанаюць у фармалізме і безыніцыятыўнасці, піша zautra.by.

– Многія прадпрымальнікі ў рэгіёнах кажуць, што жывуць як быццам на востраве. Дыялог дзяржавы і бізнэсу сканцэнтраваны ў Менску, а на ўзроўні рэгіёнаў праблемы прадпрымальнікаў не развязваюцца, – апавёў на прэзентацыі даследавання «дыялог бізнэсу і дзяржавы ў рэгіёнах» адзін з ягоных аўтараў Мікіта Бяляеў.

Каб развязаць гэтую праблему, летась у лютым Лукашэнка даручыў стварыць ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах краіны парады для развіцця прадпрымальніцтва. Аднак вынікі даследавання паказваюць, што створаныя бізнэс-парады выконваюць зусім не тыя функцыі, дзеля якіх ствараліся.

Фармальны падыход

– Даручэнне пра стварэнне радаў выканана паўсюль, аднак у большасці раёнаў мясцовыя ўлады падышлі да яго фармальна. Так, напрыклад, у Менскім раёне ў ім усяго 2 чалавекі. А Віцебская абласная рада складаецца толькі з прадпрымальнікаў. Які там можа быць дыялог з дзяржавай? – кажа Мікіта Бяляеў.

Таксама далёка не ўсюды выкананая норма пра тое, што ўзначальваць такія рады павінны прадстаўнікі бізнэсу – старшынямі 41% бізнэс-рады з’яўляюцца кіраўнікі райвыканкамаў або іхнія намеснікі.

У выніку рады працуюць неэфектыўна і проста капіююць практыку правядзення паседжанняў у рамках выканкама.

– Кіраўнікі выканкамаў часцяком збіраюць парады і кажуць ім, што набліжаецца Дзень горада і трэба скінуцца на яго грашыма, – апавядае эксперт.

Таксама часцяком бізнэс-рады не выконваюць мэты і задачы, якія перад імі пастаўленыя.

– Як правіла, рады альбо падтрымліваюць усе формы ўласнасці (хоць створаныя для падтрымкі бізнэсу, а не дзяржпрадпрыемстваў), альбо займаюцца кансультаваннем бізнэсу, што таксама зусім не іх функцыя, – апавядае Мікіта Бяляеў.

У выніку рады для развіцця прадпрымальніцтва, за рэдкім выключэннем, ператварыліся ў фармальныя органы, якія займаюцца чым заўгодна, толькі не развязаннем праблемаў бізнэсу на месцах.

Як удыхнуць жыццё ў рэгіянальны бізнэс

Каб выправіць гэтую сітуацыю, аўтары даследавання прапануюць унесці ў дзейнасць бізнэс-радаў наступныя карэктывы.

Першае – іх дзейнасць павінна быць сканцэнтраваная толькі на развязанні лакальных праблемаў канкрэтных бізнэсмэнаў на месцах, а ў выпадку немагчымасці развязання гэтай праблемы на лакальным узроўні яна павінна без скажэнняў падымацца на ўзровень вобласці і краіны.

– Не трэба ператвараць рады ў кансалтынгавыя агенцтвы, якія працуюць для ўсіх формаў уласнасці. Гэта размывае сэнс стварэння гэтых органаў, – мяркуе суаўтар даследаванні Яўген Мардасевіч.

Другое – рада павінна фармавацца на траціну з чыноўнікаў, а на дзве траціны з прадстаўнікоў бізнэсу. Пры гэтым прадпрымальнікі павінны быць прадстаўленыя рэпрэзентатыўна.

– Калі ў раёне, напрыклад, 90% прадпрымальнікаў займаецца гандлем, дык і ў бізнэсмэнаў-чальцоў рады іх павінна быць 90%, – апавядае суаўтар даследаванні.

Абласныя ж рады варта фармаваць, у тым ліку, з старшыняў раённых радаў і збірацца раз на паўгода.

Трэцяе – бізнэс-рады павінны мець юрыдычную магчымасць напрамую звяртацца ў міністэрствы, установы і раду развіцця прадпрымальніцтва пры прэзідэнце.

– Такім чынам, сфармуецца сістэма, якая сапраўды зможа разумець і развязваць праблемы бізнэсу на месцах, – мяркуе Яўген Мардасевіч.

А галоўнае – неабходна матываваць раённых чыноўнікаў да развязання праблемаў бізнэсу.

– Сёння 115 з 118 рэгіёнаў Беларусі – датацыйныя. Калі ў іх бізнэс пачне паспяхова развівацца – гэтыя датацыі зрэжуць. Асаблівай матывацыі ў раённых уладаў развязваць праблемы прадпрымальнікаў няма, – мяркуе старшыня рады развіцця прадпрымальніцтва пры Менаблвыканкаме Сяргей Найдовіч.

Паводле ягоных словаў, у найбліжэйшыя гады не трэба чапаць бюджэты рэгіёнаў, нават калі за кошт росту прадпрымальніцтва яны перастануць быць датацыйнымі, а таксама прывязаць заробак чыноўнікаў да паказнікаў бізнэсу ў рэгіёне.

– Імпульс бізнэс у рэгіёнах атрымае тады, калі кіраўнікі раёнаў на сваёй кішэні адчуюць праблемы і поспехі прадпрымальнікаў, – упэўнены Сяргей Найдовіч.