Экс-памочнік Лукашэнкі ідзе ва-банк? — Хартыя'97 :: Навіны з Беларусі — Беларускія навіны — Рэспубліка Беларусь — Мінск

Экс-памочнік Лукашэнкі ідзе ва-банк?


Аляксандр Зайцаў

У беларускім футболе разгарэўся рэзанансны канфлікт.

У беларускім футболе разгарэўся адзін з самых рэзанансных канфліктаў за апошнія гады. Яблыкам разладу стаў паўабаронца Павел Савіцкі, піша «Заўтра тваёй краіны».

У канцы снежня 2017 года гэты гулец сышоў з гарадзенскага «Нёмана» і падпісаў кантракт з берасцейскім «Дынама». Былы клуб Савіцкага запатрабаваў кампенсацыю. «Дынама» плаціць адмовілася.

За апошні год «справа Савіцкага» прайшла ў Беларусі ўсе футбольныя інстанцыі. Канчатковы вердыкт: Берасце мусіць выплаціць Гародні 265 тысяч даляраў. Грошы павінны былі паступіць на рахунак «Нёмана» да 28 лютага.

Але не паступілі. Больш за тое, бос берасцейскага «Дынама» Аляксандр Зайцаў публічна заявіў, што плаціць не збіраецца (хоць сродкаў у клуба стае).

- Я сваю пазіцыю пазначыў выразна: нуль рублёў нуль капеек, — заявіў бізнэсовец «Прессболу».

Тут самы час згадаць пра тое, што Аляксандр Зайцаў — фігура для беларускага футбола незвычайная. Нейкі час меркавалася, што грошы ў берасцейскае «Дынама» ўкладаюць арабскія шэйхі. Аднак у канцы восені 2018 года Зайцаў заявіў, што фінансуе клуб за кошт сваіх бізнэсаў у ААЭ.

Трэба сказаць, што аб’ём інвестыцый уражвае. «Дынама» ўжо трэці год запар збірае адзін з наймацнейшых у Беларусі складаў, запрашае замежных трэнераў і — sic! — нават прывёз на дзень Марадону ў Берасце.

Пра сябе Аляксандр Зайцаў распавядае няшмат. Пры гэтым ён не зняпраўджвае інфармацыю, якая з’явілася на tut.by, што раней працаваў памочнікам у Віктара Лукашэнкі і Сяргея Сідорскага ў бытнасць таго прэм’ер-міністрам.

А ў ліпені 2018 года Зайцаў публічна размаўляў з Лукашэнкам-старэйшым. Правадыр нават ухваліў праект прадпрымальніка па ўзвядзенню лагістычнага комплексу ў Аршанскім раёне:

- Калі бачыш, што ёсць бізнэс, трэба паскорыцца. Я гатовы ў гэтым удзельнічаць, каб вы паскорыліся.

Увогуле, Зайцаў відавочна чалавек няпросты і ў высокія кабінеты ходзіць. Тым больш дзіўная бескампрамісная пазіцыя, якую заняла Беларуская федэрацыя футбола. Генеральны сакратар БФФ Юрый Вяргейчык заявіў тэлеканалу «Беларусь 5»:

- Ёсць закон, які таксама трэба выконваць. Калі «Дынама» не выплаціць кампенсацыю за Савіцкага, то не атрымае ліцэнзію на ўдзел у чэмпіянаце.

Рэакцыя з Берасця не прымусіла сябе доўга чакаць. Зайцаў перайшоў у «псіхічную атаку»:

- Ужо гатовыя да таго, што нас не дапусцяць. Мы проста пяройдзем у чэмпіянат іншай краіны.

Так-так, а Марадона будзе жыць у Берасці, і яму ўжо шукаюць камяніцу… Тэарэтычна «Дынама» можа заявіцца ў чэмпіянат Польшчы, Украіны, Расеі ці Папуа-Новай Гвінеі, але на практыцы гэта немагчымы варыянт.

Мабыць, усвядоміўшы эфемернасць уласнай пагрозы, Зайцаў запусціў другую. Нібыта ён можа сысці з «Дынама» і набыць кракаўскую «Віслу».

У гэтым выпадку перспектывы берасцейскага клуба выглядаюць надзвычай туманнымі, калі не катастрафічнымі. Мяркуючы з усяго, разлік на тое, што федэрацыя футбола збаіцца страціць каманду і змякчыць сваю пазіцыю.

Сітуацыя ў публічнай прасторы вакол «справы Савіцкага» даведзеная да стану «або – або». Бакі настолькі жорстка пазначылі сваю пазіцыю, што той, хто саступіць, непазбежна панясе рэпутацыйныя страты.

Давайце разгледзім, найбольш рэальныя сцэнары развіцця падзей.

1. Уключаецца адміністрацыйны рэсурс, і федэрацыя футбола, нягледзячы на ўсе папярэднія пастанвы і заявы, выдае берасцейцам ліцэнзію для ўдзелу ў чэмпіянаце. Падварыянт: «Нёман» раптам адмаўляецца ад сваіх прэтэнзій.

2. «Дынама» заяўляе, што яго пазіцыя нязменная, але «праз шматлікія просьбы працоўных» клуб ўсё ж выканае гэтую жахлівую несправядлівую пастанову і заплаціць гарадзенцам за Савіцкага.

У гэтых схемах магчымыя розныя адгалінаванні, але сутнасць адна: хтосьці павінен будзе даць задні ход. Чакаць засталося няшмат: чэмпіянат Беларусі ў футболе стартуе ўжо 29 сакавіка.