Хуан Гуайдо пачаў мабілізацыю для маршу на Каракас — Хартыя'97 :: Навіны з Беларусі — Беларускія навіны — Рэспубліка Беларусь — Мінск

Хуан Гуайдо пачаў мабілізацыю для маршу на Каракас


Прэзідэнт Венесуэлы выправіўся ў паездку па рэгіёнах краіны.

Прэзідэнт Венесуэлы Хуан Гуайдо ў суботу, 16 сакавіка, выправіўся ў паездку па краіне для мабілізацыі прыхільнікаў для ўдзелу ў маршы, які павінен пакласці канец кіраванню Нікаласа Мадуры, паведамляе dw.com.

Выступаючы перад прыхільнікамі ў горадзе Валенсія за 125 кіламетраў ад сталіцы, ён абвесціў пра пачатак «новага этапу» барацьбы, які закончыцца маршам на прэзідэнцкі палац Мірафлорэс у Каракасе. «Мы пойдзем на Мірафлорэс і запатрабуем аддаць нам тое, што належыць народу», – заявіў Гуайдо.

У ходзе падрыхтоўкі да маршу часовы прэзідэнт, паводле ягоных словаў, мае намер наведаць так шмат рэгіёнаў, наколькі гэта будзе магчыма. У той самы час ён яшчэ не назваў дату пачатку маршу. Раней ён заяўляў, што ў выпадку неабходнасці будзе спадзявацца на вонкавую дапамогу, «калі настане час». Паводле ягоных словаў, Канстытуцыя паўднёваамерыканскай краіны дазваляе ўдзел венесуэльскіх вайскоўцаў у аперацыях за мяжой, а таксама «замежнікаў – на тэрыторыі краіны».

Палітычны крызіс

Венесуэла некалькі месяцаў перажывае палітычны крызіс. 22 студзеня ў краіне пачаліся масавыя акцыі пратэсту – адразу пасля ўступлення Нікаласа Мадуры на пасаду кіраўніка дзяржавы на другі тэрмін. На наступны дзень старшыня венесуэльскага парламента Хуан Гуайдо абвесціў сябе часовым выканаўцам абавязкаў прэзідэнта краіны. Большасць краінаў Еўразвязу, а таксама ЗША, Канада, Аўстралія, частка краінаў Лацінскай Амерыкі і Арганізацыя амерыканскіх дзяржаваў прызналі Гуайдо прэзідэнтам Венесуэлы.