У Албаніі пратэстоўцы пайшлі на штурм парламента — Хартыя'97 :: Навіны з Беларусі — Беларускія навіны — Рэспубліка Беларусь — Мінск

У Албаніі пратэстоўцы пайшлі на штурм парламента


ФОТА: AP

Апазіцыя мае намер працягваць штодзённыя пратэсты «ў кожным горадзе, квартале, вуліцы, доме, вёсцы».

Прыхільнікі албанскай апазіцыі сутыкнуліся з паліцыяй, спрабуючы штурмаваць будынак парламента ў знак пратэсту супраць урада, які яны абвінавачваюць у карупцыі і сувязях з арганізаванай злачыннасцю.

Пра гэта піша AP (пераклад — «Европейская правда»).

Пратэстоўцы на чале з лідарам Дэмакратычнай партыі Лулзімам Башам прыйшлі да будынка парламента і паспрабавалі прарваць паліцэйскія ачапленні, кідаючы дымавыя шашкі і іншыя прадметы ў афіцэраў.

Паліцыя разагнала іх слёзатачывым газам і вадамётамі. Некалькі мітынгоўцаў атрымалі траўмы, ім дапамагалі тыя, хто быў побач.

Прыкладна праз 40 хвілін пратэсту ля ўваходу ў парламент, лідар апазіцыі павёў людзей у свой штаб, абавязваючыся працягваць штодзённыя пратэсты «ў кожным горадзе, квартале, вуліцы, доме, вёсцы».

Апазіцыя, чый 31 заканадавец выйшаў з парламента, адмаўляецца ад дыялогу з прэм’ерам Эдзі Рамай, патрабуючы часовага праўлення без яго для падрыхтоўкі датэрміновых выбараў.

Злучаныя Штаты і Еўрапейскі Звяз перасцераглі апазіцыю ад прымянення або распальвання гвалту і заклікалі да перамоваў.

Албанія чакае пачатку перамоваў з ЕЗ аб сяброўстве ў чэрвені.