У Бабруйску работнік рытуальнага бюро скраў катафалк — Хартыя'97 :: Навіны з Беларусі — Беларускія навіны — Рэспубліка Беларусь — Мінск

У Бабруйску работнік рытуальнага бюро скраў катафалк


Інцыдэнт скончыўся начной пагоняй з удзелам ДАІ.

У трэцяй гадзіне ночы з 9 на 10 сакавіка ля «цітаўскага» моста ў Бабруйску супрацоўнікі Дзяржаўнай аўтаінспекцыі звярнулі ўвагу на мікрааўтобус «Газэль»: машына рухалася мудрагелістым зігзагам, што як мінімум выклікала пытанні. Задаць іх кіроўцу выйшла не адразу: убачыўшы, што за ім едзе службовы самаход, той дадаў газу і паспрабаваў уцячы, паведамляе onliner.by.

На вуліцы Урыцкага да пагоні далучыўся і аўтамабіль аддзела Дэпартамента аховы. У выніку каля дома №218 на вул.Бахарава мікрааўтобус быў спынены, а кіроўца затрыманы.

Высветлілася, што «Газэль» належала УКДП «Рытуальнае абслугоўванне», а пры стырне яе знаходзіўся работнік гэтага ж прадпрыемства — раней суджаны бабруец 1989 года нараджэння. Прычына «адхіленняў ад курсу» была выяўленая адразу ж: кіроўца быў п’яны, змяшчэнне алкаголю ў ягонай крыві склала 1,3 праміле. Як распавёў «Коммерческому курьеру» намеснік начальніка Бабруйскага раённага аддзела СК Генадзь Сікорскі, ключы ад аўтамабіля мужчына сцягнуў з шафкі ў канторы прадпрыемства на вуліцы Карла Маркса. «Проста хацеў пакатацца», — так патлумачыў свой учынак сам парушальнік спакою.

У дачыненні да мужчыны складзены 28 адміністрацыйных пратаколаў, а СК распачаў крымінальную справу паводле ч.1 арт.214 КК («Выкраданне транспартнага сродку»). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне да пяці гадоў пазбаўлення волі.