У гомельскім універсітэце падчас заняткаў абрынулася столь — Хартыя'97 :: Навіны з Беларусі — Беларускія навіны — Рэспубліка Беларусь — Мінск

У гомельскім універсітэце падчас заняткаў абрынулася столь


Са слоў кіраўніцтва БелДУТ, столь абрынулася, бо будынак універсітэта даволі стары.

11 сакавіка прыкладна а 14:30 у калідоры вучэбнага корпуса гомельскага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту абрынулася частка столі. Абвалілася тынкоўка, пацягнуўшыся за сабой і сістэму пластыкавай падвеснай столі. Здарэнне адбылося ў той час, калі студэнты былі на занятках, паведамляе euroradio.fm.

«Сядзеў на занятках, ішла пара. Раптам побач з нашым кабінетам нешта вельмі добра так бабахнула, — распавёў адзін са студэнтаў універсітэта. — Гэта вельмі дзіўна, бо зусім нядаўна, можа, менш за паўгода таму, менавіта ў гэтым калідоры рабілі рамонт. Добра яшчэ, што ніхто не пацярпеў і гэта здарылася не падчас перамены, калі студэнты выходзілі з кабінетаў».

Са слоў студэнта, абломкі і тынкоўку прыбралі досыць хутка, а вось дзірка засталася. Цяпер непасрэдна пад месцам абвалу стаіць парта.

Кіраўніцтва БелДУТ кажа, што столь абрынулася, бо будынак універсітэта даволі стары:

«Сітуацыя не тое каб штатная. Будынак не новы, таму і адбыўся зрыў тынкоўкі, якая ні на каго не патрапіла. У гэты час ішлі заняткі. Праблема не ў тым, што рамонт быў зроблены няякасна, а менавіта ва ўзросце навучальнага корпуса. Ніякіх наступстваў для студэнтаў не было».