У Менску ў Чырвоны касцёл выклікалі ратавальнікаў — Хартыя'97 :: Навіны з Беларусі — Беларускія навіны — Рэспубліка Беларусь — Мінск

У Менску ў Чырвоны касцёл выклікалі ратавальнікаў


ФОТА: ЕЎРАРАДЫЁ

У касцёле ўзніклі праблемы з праводкай.

Увечары 11 сакавіка ў Менску ў Чырвоны касцёл на плошчу Незалежнасці выклікалі ратавальнікаў. Вернікі казалі пра задымленне і пра тое, што нешта здарылася з праводкай.

Усе дзверы бакавога ўваходу (працаваў толькі ён) былі раскрыты, каб касцёл праветрываўся. Усярэдзіне было цёмна і сапраўды крыху пахла паленым. На вуліцу людзі выйшлі самастойна, яшчэ да прыезду ратавальнікаў, паведамляе euroradio.fm.

Афіцыйная прадстаўніца сталічнага МНС Вольга Мельчанка пазней распавяла, што паведамленне пра пах дыму ў храме ратавальнікі атрымалі а 18:48.

«Было аплаўленне ізаляцыі электраправодкі ў зале без наступнага гарэння, — кажа Мельчанка. — Ніхто не пацярпеў. Эвакуацыю не праводзілі».

Чырвоны касцёл (касцёл святых Сымона і Алены) быў пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя. Помнік архітэктуры ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

ФОТА: TWITTER.COM/112MINSK