У Расеі банкі масава зачыняюць аддзяленні і ліквідуюць банкаматы — Хартыя'97 :: Навіны з Беларусі — Беларускія навіны — Рэспубліка Беларусь — Мінск

У Расеі банкі масава зачыняюць аддзяленні і ліквідуюць банкаматы


Цэнтрабанк РФ апублікаваў статыстыку.

ЦБ адзначае скарачэнне за апошнія гады офісаў абслугоўвання банкаў і банкаматаў: за 2018 год колькасць падраздзяленняў скарацілася на 10,9%, а банкаматаў – на 5,5%. Пра гэта гаворыцца ў матэрыялах першага намесніка старшыні ЦБ РФ Сяргея Швяцова, падрыхтаваных да сустрэчы кіраўніцтва ЦБ з банкірамі ў пансіянаце Бор (Маскоўская вобласць), піша finanz.ru.

Паводле звестак ЦБ, гэтыя формы абслугоўвання замяняюць «палегчаныя» фарматы, напрыклад выдача гатоўкі на касах крамаў.

«Гэта адбываецца ў тым ліку ў сувязі з развіццём лічбавых камунікацый, чаму шматлікім крэдытным арганізацыям становіцца больш выгодна перайсці ў дыстанцыйныя каналы фінансавых паслуг або развіваць “палегчаныя” фарматы абслугоўвання ў параўнанні з падтрыманнем шырокай сеткі поўнафарматных кропак абслугоўвання», – адзначаецца ў матэрыялах.

З’яўляюцца новыя банкаўскія паслугі, якія можна атрымліваць па-за поўнафарматным пунктам прысутнасці банка – падраздзяленняў або банкаматаў, адзначае ЦБ: гэта не толькі, да прыкладу, ужо звыклае крэдытаванне ў аўтадылерскіх цэнтрах, але і выдача гатоўкі з дапамогай POS-тэрміналаў, грашовыя пераводы з дапамогай аўтаматычных прыладаў, прыём дакументаў для наступнага адкрыцця банкаўскіх рахункаў і інш.

Праз з’яўленне такіх фарматаў скарачэнне колькасці офісаў і банкаматаў не азначае зніжэння магчымасці насельніцтва атрымліваць банкаўскія паслугі, мяркуе ЦБ. Так, «палегчаныя» фарматы сталі выкарыстоўваць найбуйнейшыя банкі з шырокай сеткай прысутнасці, гаворыцца ў матэрыялах Швяцова.

Напрыклад, Ашчадбанк з I квартала 2018 года тэстуе сэрвіс зняцця гатоўкі з карты на касе арганізацый гандлю і паслуг з дапамогай POS-тэрміналаў. На 1 снежня 2018 года ў дзяржбанку было заключана 118 дамоваў пра выдачу гатоўкі ў гандлёвых кропках, фактычна гатоўка выдаецца ў 81 населеным пункце. Сетка «Пошта банка», у сваю чаргу, за кошт у тым ліку прысутнасці ў аддзяленнях «Пошты Расеі» пашырылася да 18 тыс. кропак.