У Слоніме дамагаюцца перайменавання плошчы Леніна — Хартыя'97 :: Навіны з Беларусі — Беларускія навіны — Рэспубліка Беларусь — Мінск

У Слоніме дамагаюцца перайменавання плошчы Леніна


ФОТА: НЯМІГА.ІНФА

Жыхары Слоніма падкрэсліваюць, што правадыр ніякага дачынення да горада не мае.

Жыхары Слоніма пачалі збор подпісаў за перайменаванне плошчы Леніна ў тэатральную. Ініцыятары кажуць, што «правадыр сусветнай рэвалюцыі» ніякага дачынення да Слоніма не мае – і было б лагічна ўнесці ў тапаніміку горада змены, піша «Газета Слонимская».

- Задача сабраць шмат подпісаў не стаіць. Некалькі гадоў таму на галоўнай плошчы горада з’явіўся тэатр, таму было б лагічна, каб плошча называлася Тэатральнай. Назва плошчы будзе своеасаблівай рэкламай тэатру, а сама плошча адной з візітовак Слоніма — як гістарычнага і культурнага цэнтра Заходняй Беларусі, — кажа адзін з ініцыятараў збору подпісаў Алесь Масюк.

Свой зварот жыхары горада плануюць адправіць у Слонімскі райвыканкам і Слонімскі раённы «Савет дэпутатаў». Яны просяць у найбліжэйшы час на пасяджэнні раённай тапанімічнай камісіі разгледзець іх зварот.

Плошча, якая носіць імя Леніна, мае гістарычныя карані. Калісьці яна называлася гандлёвай. Менавіта тут да Дня беларускага пісьменства плануюць паставіць помнік старасце горада Льву Сапегу. Менавіта пры ім Слонім стаў па-сапраўднаму тэатральным: мясцовыя артысты славіліся далёка за межамі горада.

— Мы думаем, што для перайменавання плошчы не патрэбныя вялікія сродкі. Тым больш што ёсць станоўчы досвед. У Слоніме ўжо перайменавалі Горкага ў плошчу Льва Сапегі, вуліцу Энгельса ў вуліцу Оперную, вярнулі старую назву вуліцы Ружанскай — кажа Алесь Масюк.

Слонімцы плануюць найбліжэйшым часам адправіць мясцовым уладам свой зварот і сабраныя подпісы.