Удзельнік бунту ў «Мінсктрансе»: Уключайце дыктафон, каб выкрыць факты ціску — Хартыя'97 :: Навіны з Беларусі — Беларускія навіны — Рэспубліка Беларусь — Мінск

Удзельнік бунту ў «Мінсктрансе»: Уключайце дыктафон, каб выкрыць факты ціску


Толькі так можна дамагчыся справядлівасці.

Пасля таго як 1 300 чалавек падпісала петыцыю аб праблемах грамадскага транспарту і парушэннях умоў працы, «Мінсктранс» пачаў ціск на падпісантаў. У інтэрнэце з’явіўся ліст, у якім супрацоўнікаў заклікаюць адклікаць свае подпісы, паведамляе praca-by.info.

Работнікі стварылі новы зварот, у якім просяць «абараніць ад незаконнага ціску з боку наймальнікаў». Аднак, прадстаўнікі «Мінсктранса» адмаўляюць факты ціску.

«Са звестках да некаторых работнікаў, якія падпісалі зварот, з боку асобных службовых асоб ГП «Мінсктранс» выкарыстоўваюцца меры псіхалагічнага ўздзеяння (пагроза непадаўжэння кантрактаў, высялення з інтэрнатаў і г.д.), з патрабаваннямі адмовіцца ад подпісаў у звароце, і маўчаць на запланаваных сходах аб разглядзе звароту. У выніку пераследу за крытыку, асабліва ў Тралейбусным парку №3, пэўную колькасць заяўнікаў ужо змушаныя адмовіцца ад патрабаванняў і сваіх подпісаў у звароце» — гаворыцца ў тэксце петыцыі.

Чалец прафзвязу РЭП Валянцін Рабчанка і былы работнік тралейбуснага парка №3 распавёў як яму ўдалося абараніць свае правы працуючы ў «Мінсктрансе»:

- Праблемы ў філіялах Мінсктранса тычацца не толькі кіроўцаў. Наймальнік эканоміць на бяспецы людзей, якія там працуюць і тым самым падвяргае небяспецы і іх, і пасажыраў.

Я працаваў зваршчыкам і сутыкнуўся з недаплатай за перапрацоўку. Усё афармлялася без загаду. Абяцалі заплаціць потым, але дамагчыся выплат удалося толькі пасля праверкі Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы і вялікай колькасці зваротаў у розныя органы. У маім выпадку агалоска ў СМІ і звароты ў Дэпартамент далі свой вынік. Наймальніку давялося прызнаць парушэнні і выплаціць. Акрамя таго былі шматлікія парушэнні ўмоў працы і бяспекі, на якія я таксама скардзіўся.

«Спадзяюся, кіроўцы не адмовяцца ад подпісаў пад петыцыяй»

- Бараніць інтарэсы мне дапамагаў незалежны прафзвяз РЭП, у той час як камісія аб працоўных спрэчках і прафкам дзяржаўнага прафсаюзу на працы, якія павінны былі абараняць мае правы, сталі на бок наймальніка.

Трэба не баяцца бараніць свае правы — уключайце дыктафон, публікуйце факты ціску. Толькі так можна дамагчыся справядлівасці. Я вельмі спадзяюся, што кіроўцы на якіх цяпер ціснуць у філіялах «Мінсктранса» не адмовяцца ад сваіх подпісаў пад петыцыяй, а наадварот згуртуюцца і будуць змагацца. Перамагчы сістэму можна — важна не здавацца.

Прававы інспектар прафсаюза Юрый Белякоў распавёў, што ў РЭП раней звярнуліся некалькі работнікаў філіялаў «Мінсктранс»:

- Кіроўцы распавядаюць, што працуюць больш за 12 гадзін і перапрацоўкі не фіксуюцца, не выдаюць дні адпачынку, якія належаць згодна з календаром. Гэта адназначнае парушэнне працоўных правоў. І мы, абараняючыся, звярталіся і да кіраўніцтва тралейбуснага парка №2, і ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Ні наймальнік, ні кампетэнтныя органы пакуль не распачалі ніякіх дзеянняў. Мы будзем працягваць дабівацца выканання працоўных нормаў.

«Штрафаваць кіроўцаў за стан тралейбусаў»

- Нам паступала інфармацыя, што пасля запуску петыцыі ў адзін з паркаў прыехала транспартная міліцыя і ДАІ. Аштрафавалі прысутных кіроўцаў за нямытыя лабавыя шыбы. Хоць за гэта нясе адказнасць начальнік калоны. Мы расцэньваем гэта як ціск. Акрамя таго, кіроўцаў выклікаюць на асабістыя гутаркі. Мы хадзілі на сустрэчу з намеснікам начальніка ў эксплуатацыі. Мяне на гэтую сустрэчу не дапусцілі. Мы мяркуем, што мэтай гутаркі было прымусіць работніка прытрымлівацца пазіцыі наймальніка і на сходзе, які плануецца, адмовіцца ад подпісу пад петыцыяй. Права падаваць звароты замацавана ў Канстытуцыі. Ніхто не мае права ціснуць.

Са слоў кіроўцаў транспарт выходзіць на лінію без фактычнай праверкі — яны самі сябе дапускаюць. У тэксце петыцыі яны таксама спасылаюцца на небяспечнасць транспарту. Гэта праблемы не толькі кіроўцаў і супрацоўнікаў «Мінсктранс». Гэта тычыцца і пасажыраў — у іх інтарэсах таксама падтрымаць кіроўцаў і бараніць бяспечны транспарт. Гэта справа цяпер набірае рэзананс і мы са свайго боку гатовыя абараніць правы работнікаў «Мінсктрансу».