Юрыст: Дэкрэт пра «дармаедаў» не мае права на існаванне — Хартыя'97 :: Навіны з Беларусі — Беларускія навіны — Рэспубліка Беларусь — Мінск

Юрыст: Дэкрэт пра «дармаедаў» не мае права на існаванне


Улады чарговым разам парушаюць канстытуцыйныя правы беларусаў.

Учора ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля пачаўся разгляд справы Марыі Тарасенкі супраць «дармаедскай» камісіі. Гамяльчанка заявіла пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды ад дзейнасці так званай «камісіі садзейнічання занятасці» і чыноўнікаў з вобласці і гарвыканкама. Марыя Тарасенка ацаніла нанесеную шкоду ў 1 тысячу беларускіх рублёў, паведамляе «Радыё Рацыя».

- Яны мяне шантажуюць тым, што камуналка будзе павялічаная. Яны не хочуць прызнаць, што гэта парушае маё канстытуцыйнае права на працу. І сам дэкрэт аб «дармаедах», магу сказаць не як юрыст, а як грамадзянін, мае шмат недаказанасцяў.

Інтарэсы Марыі Тарасенкі ў судзе прадстаўляе прававы інспектар незалежнага прафзвязу РЭП, юрыст з Гомеля Леанід Судаленка.

- Тут мы бачым, што дзяржаўныя чыноўнікі прынялі пастанову ісці ў ва-банк. Ну што ж… Калі ва-банк, так ва-банк. Калі пастанова ў панядзелак будзе не на нашу карысць, то мы з Марыяй Тарасенкай пойдзем у апеляцыйную інстанцыю. Дойдзем да Вярхоўнага суда, каб паказваць, што гэты дэкрэт не мае права на існаванне.

Пастанова паводле пазова Марыі Тарасенкі будзе агучаная 18 сакавіка. У выпадку, калі суддзя Чыгуначнага суда Ілля Свірыдаў адмовіць у патрабаваннях пазоўніку, Марыя Тарасенка мае намер і далей змагацца за свае правы.